БЯЛГРА́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944 , наступальная аперацыя войск 3-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін), левага крыла 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі), Дунайскай ваеннай флатыліі (адм. С.Г.Гаршкоў), войск Айч. фронту Балгарыі і Народна-вызв. арміі Югаславіі (маршал І.Броз-Ціта) па вызваленні Усх. і Паўн. Югаславіі і Бялграда ад ням.-фаш. захопнікаў у 2-ю сусв. вайну. Праведзена 28 вер. — 20 кастр.

У ходзе бялградскай аперацыі разбіты ням. аператыўная група «Сербія» і гал. сілы армейскай групы «Ф» (13 дывізій і брыгад), 6 дывізій групы армій «Е», вызвалены г. Бялград (20 кастр.), тэр. Сербіі і створаны перадумовы для вызвалення ўсёй Югаславіі і Албаніі. Праціўнік страціў каля 45 тыс. забітымі і палоннымі. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 18 380 чал. (з іх забітымі 4350 чал.). 13 сав. воінам прысвоена званне Народнага героя Югаславіі. 20 злучэнням і часцям, якія найб. вызначыліся ў бялградскай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Бялградскіх».

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)